Новая серыя пра гісторыю Берасця! У гэтым відэа мы паглядзім, як на працягу стагоддзяў мяняўся галоўны сімвал горада — яго герб. З’яўленне магдэбургскага права, пячаткі, войны і рэформы Рэчы Паспалітай — усё гэта пакінула свой след у гарадской сімволіцы.
Сімвал горада
Выява нацягнутага лука са стралой, скіраванай уверх, вядомая многім жыхарам Брэста. Гэта герб горада са старажытнай гісторыяй. Брэст першым у Беларусі атрымаў магдэбурскае права — права на самакіраванне. Герб стаў яго сімвалам і знакам самастойнасці мяшчан.
15 жніўня 1390 года стаў важным днём у гісторыі Берасця. Тады вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ягайла надаў гораду магдэбурскае права. Гэта зрабіла Берасце самастойным. Сімвалам гэтай самастойнасці стаў герб. Ён меў і практычную ролю: пячатка з выявай герба дазваляла завяраць важныя гарадскія і мяшчанскія дакументы. Менавіта дзякуючы пячаткам мы ведаем, як мяняўся герб з цягам стагоддзяў. Але якія былі яго колеры — дакладна невядома.
Першая вядомая пячатка
Першая вядомая пячатка з гербам знойдзена ў дакуменце XVI стагоддзя. Яе стылістыка сведчыць, што яе маглі зрабіць пасля татарскага нападу на горад. А выкарыстоўвалі яе амаль сто гадоў.
У цэнтры пячаткі — нацягнуты лук са стралой, скіраванай уверх. Над ім размешчаны герб Калюмны. Лічаць, што ён сімвалізуе Вітаўта або дынастыю Гедзімінавічаў. Вітаўт спрыяў развіццю Берасця і паўторна надаў яму магдэбурскае права.
Новая эпоха пасля Люблінскай уніі
У 1569 годзе была заключаная Люблінская ўнія. Паводле яе Вялікае Княства Літоўскае і Польскае Каралеўства аб’ядналіся ў адну дзяржаву — Рэч Паспалітую. У той час у справаводстве шырока выкарыстоўвалі лацінскую мову. Гэта бачна і на пазнейшых пячатках Берасця.
Мянялася і стылістыка: лук са стралой ужо змясцілі на рэнесансны шчыт. Гэта пячатка знікла ў сярэдзіне XVII стагоддзя, калі Берасце моцна пацярпеў ад войнаў.
XVII–XVIII стагоддзі: карона і рэформы
У другой палове XVII ст. герб Калюмны замянілі на карону. Гэта азначала, што горад стаў каралеўскім або дзяржаўным. Стылістыка пячатак таксама ўскладнілася: з сярэдзіны і да канца XVIII стагоддзя магістрат карыстаўся пячаткамі з выявай лука са стралой на стылізаваным рэнесансным шчыце, упрыгожаным арнаментам і вялікай каронай зверху.
У канцы XVIII ст. Рэч Паспалітая перажывала перыяд рэформ. Іх кульмінацыяй стала прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791 года. У 1792 годзе на берасцейскай пячатцы з’явіўся польскамоўны надпіс:
PIECZEC [MAGISTRATU MIASTA] WOLNEGO I(EGO) K(ROLEWSKIEY) M(OSCI) [RZECZYPOS]POLIT(EY) [BRZES]CIA [WIELKI]EGO [XIESTWA L]IT[EWSKIE]GO.
Лаўніцкі герб
Акрамя гарадскога герба, асобны герб мелі і лаўнікі — суд па крымінальных справах. Іх пячатка, зробленая ў 1554 годзе, выкарыстоўвалася амаль сто гадоў і паказвала вежу-браму над ракой. Гэта падкрэслівала ролю Берасця як важнага лагістычнага пункта паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай.
Лацінскі надпіс: SIGILLVM SCABINORVM CIVITATIS BRESTENSIS
Лаўніцкі суд узначальваў войт, таму пячаткі з выявай вежы часта ставілі на дакументах, што выходзілі з канцылярыі войта. У другой палове XVII стагоддзя яны мелі надпіс на лацінскай мове:
SIGILLVM ADVOCATIALE CIVITATIS BRESTE MAGNI DUCATUS LITVANIAE
Гарадскі герб у выглядзе лука са стралой выкарыстоўвалі таксама для ўпрыгожвання ратушы і іншых гарадскіх будынкаў. Але гэтыя артэфакты не захаваліся. Асаблівую каштоўнасць сёння маюць дакументы з пячаткамі — яны дапамагаюць убачыць, як змяняўся гарадскі герб на працягу трох стагоддзяў.
Герб мяняўся — Берасце заставалася. Не прапусціце працяг!
Крыніцы выкарыстаных матэрыялаў:
Lietuvos valstybes istorijos archyvas (LVIA)
Мапа ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага: Навагрудак, Брэст, Палессе і Мінск, 1665 г.
Мапа 1613 года
Ілюстрацыі Паўла Татарнікава
Карціны: Матэйкі Ян Матэйка «Unia Lubelska 1569)», Партрэт Уладзіслава II Ягайлы, Партрэт вялікага князя літоўскага Вітаўта
Архіў новых актаў ў Варшаве
Рымскі архіў Таварыства Ісуса
Над праектам працавалі:
Наталля Зданевіч, Аліна Дзеравянка